16.12.2022

Хай ілюзія гэтая сон


        01.10.2022

 

Мы ўроілі сонца й дом –

Хай сустрэнемся ўвечары зноўку

На ганку

Імгненьнем відзежы быцьця…

 

Хай ілюзія гэтая сон,

Я з Табой застануся ў крозах

Да ранку –

Апошняе ночы Жыцьця…


 

23.11.2022

СЛОВЫ

 

14.07.2022

 

Мікраць-сон, небыцьцё…

Толькі словы-чароды пахаў,

Што сьпявае Жыцьцё,

Ёсьць назовы пачуцьцяў-птахаў…

25.10.2022

НЕ ПАМЁР - ЖЫВУ

 

24.10.2022

 

У прастору касьмічнае шлю

Невымоўнае зорам,

Што згасаюць чароўным сьвятлом –

Карагод агню…

 

Такжа й я на ўсходках сыду

Незаўражаным словам…

Вецер шэпатам-лісьцем сьпяе:

Не памёр – Жыву…

23.10.2022

Я З ТАБОЙ

 

17.10.2022

 

Мрэе лес…

Там, дзе месяц і сон

Па-над целам ракой -

Супакой…

 

Я Жывы…

Палымее пяшчота

Й пошугаў рой,

Я з Табой…

28.09.2022

СЬВЯТЛО Й КАХАНЬНЕ

 

25.08.2022

 

Мы – ня тая любоў,

Што да неба імкненьне

Й Раю чаканьне,

Мы – Паветра й поўныя

Чуцьцяў Свабоды імгненьні –

Сьвятло і Каханьне.

17.08.2022

НЕБА

 

29.07.2022

 

У тумане няпомным ня бачныя твары,

Хомар белы ліецца са страчаных душ…

Мне бракуе  спрамогі пазбавіцца хмары –

Пачынаю шукаць неба ў адсьвеце з луж…

16.07.2022

НЕПРАВОЛЬ МНЕ ЦЯПЕР СПАЗНАВАЦЦА

 




16.07.2022
 
Неправоль мне цяпер спазнавацца,
Чалавекам “Я” ёсьць, або Зьвер
Прымушае ісьці й змагацца,
Бо Жыцьцё не ўзяць напавер…
 
Мы дачасныя, міг зазявацца,
Як зьлічво скончыць дым ці кар’ер…
Лес пасьветчаньнем будзе хістацца,
І сьпяе па-над дрыгвай аер…