26.10.2021

Гэта Сон...

 

26.10.2021

 

Я з табой…

Гэта сон…

Пальцы ціха кранаюць паветра…

Мы падобныя чымсьці на дым,

Што згубіўся ў небе

З першым подыхам ветру…

20.10.2021

Я й мой цень

 

20.10.2021

 

Адкуль шэпат?

Нібы зь нябыту гукі…

Я спыніўся й стаю як пень…

Зьбегчы б! Не…

Мяне трымаюць нябачна рукі…

Разам будзем ноччу і ўдзень,

Я й мой цень…

18.10.2021

Адчуваю - жыву...

 

18.10.2021

 

Крокі нячутныя…

Ціхія гукі…

Адчуваю – жыву…

 

Рэзананс на вадзе…

Ледзь кранаюць паветра рукі…

Сьлед на мяккім пяску…

17.10.2021

А мне б...

 

11.10.2021

 

А мне б адчуць той смак

І пах паветра,

Мне б у неба

З хуткім ветрам…

Мне б яшчэ пабыць

Хоць трошку побач з домам, тым,

Дзе між сузор’яў зьнічка кожная –

Аб чымсьці сьветлым успамін…

12.10.2021

Маўклівая ціш...

 

6.10.2021

 

Калі сплю,

Мне месяц сьпявае тое,

Пра што ты маўчыш…

Адчуваю,

Як зноўку

Сабе пакідаю мінуту,

І дагараю,

Зьнікае ў думках

Маўклівая ціш…

11.10.2021

Лес І туман...

 

30.09.2021

 

Лес і туман…

Я тут адзін

Зь нежывых,

Я тут

Самападман…

Мэлёдый простых

Гук, і п’яны вецер

Штосьці сьпявае

Так ціха,

Нібыта я сам

Зрабіўся

Паветрам,

Згубіўся,

Як падае лісьце…

Іх мякка кранае мох,

І цьвіце дурнап’ян…

Лес і туман…

10.10.2021

З Свабодаю


 10.10.2021


Пакіньце сабе

Сваё чорнае сонца.

Я той, хто брыдзе

Па дарозе адзін...

Праз літары й слова

Блукаю бясконца,

З свабодаю ў кожнай

З пражытых хвілін...

 


07.10.2021

Атрымаю Сусьвет

 

8.10.21


Забяры мяне, Сонца,

І я атрымаю Свабоду…

Забяры мяне, Неба,

Я толькі пакіну сьлед…

Забяры ў мяне ўсё,

Хай вецер бясконца кружыць карагодам,

Аддаўшы сябе,

Атрымаю Сусьвет.

06.10.2021

Каханьне

 

6.10.2021

 

Апошнім пачую твой голас ціхі,

І цела маё распускаецца ў дым…

Зьнікае ў нябыце ўсё,

Толькі кроплі на шчоках каханьня крык,

І я ў ім…

05.10.2021

Адзінота

 5.10.2021


Забарабаніў дотыкамі дождж па шклу…

 Я дзесьці тут,

Пра гэта сьведчыць гучна адзінота…

Сьвет бязьмежны мчыць скрозь цемнату,

І кожны ў ім

Мэлёдыі жыцьця ня сыйграная нота…


04.10.2021

Заўтра.

 27.09.2021


Заўтра наш прыйдзе час,

Заўтра працягнем бой,

Заўтра кожны з нас,

Заўтра ўсяк герой...

Толькі, дзе мы, а дзе заўтра?

Зараз жыві сабой!

02.10.2021