Вітаю Вас, паважаны чытач, на маёй старонцы! Вершы на беларускай мове. Сучасная паэзія. Беларускія вершы. Вершы па-беларуску. Паэзія. Poetry. Belarusian poems. Poems in the Belarusian language.
"Я - МОВА" - публікацыя ў часопісе "Дзеяслоў"
Вершы друкаваліся ў часопісе "Дзеяслоў" нумар 119 (4\22)
***
Я пішу…
Шамаценьне ядвабу белага.
Пер’я рыпаньне –
Песьня ў вушшу…
Атрамэнту адценьня сьпелага
Гукаў сыпаньне –
Я пішу…
***
Адпусьці
Нэрвы
Вецьцем крывым,
Дрэвамі,
Прырасьлі,
Не прайсьці.
Крык…
Гукі - лісьцё
Зрывае паперамі –
Верш
“Адпусьці”
***
Рай
Я напішу колькі-сь літар
Ня модных.
Хай паміж намі бессань –
Паперы сьпісанай гай…
Я пражыву кожны момант
Свабодным
Хай паміж намі бездань –
Паветра над ёю Рай.
***
Мова нашых думак –
Бліск жыцьця вады…
Чыстая, свабодная,
Мова – нашы сны.
І
Я
Жывы.
***
Я ў музыкі гуках шукаю жыцьцё.
Ў паветраным рытме танцаў…
Успамінам прамчыць за імгненьне адно,
Не пакінуўшы мне ані шансу…
***
Разьбірай мяне цалкам,
"Я" - з гукаў выслоўе...
Забяры мяне зараз,
"Я" - толькі сюжэт.
Забяры мае вочы,
І "Я" - мой голас,
Забяры маё ўсё!
Я
НЕ
ЧАЛАВЕК!
***
Твор
Вашу “стабільнасьць” –
З хаты на двор.
Жывы Сусьвет –
Найлепшы Твор!
***
Ціха кроплямі
Дождж на дахах
Танцуе вальс...
Адкладаю справы -
Потым...
На тое час...
За вакном,
З бэтону соты,
Я пачую твой Раманс,
Прад вачамі гукі - ноты,
А потым скажуць:
Дэкаданс...
***
Я - МОВА
Я –
Толькі слова ў цішыні,
А слова –
Гукі ў вышыні
Пачуцьцяў –
Мова…
Я –
Бліскаўка ўдалечыні,
А Мова –
Сьлед у цішыні,
А сьлед –
Размова…
***
Шукаю мяжу
Сваёй
Адзіноты...
Што гэта?
Крыжыкі?
Ноты?
Літары.
Я дапішу,
Але
Потым...
30 красавіка 2021
Комментариев нет:
Отправить комментарий
Каментаваць