04.08.2021

Мой Дом

 

03.08.2021

 

Мой дом не падобны

Да гораду, вёскі, іншых мясьцін,

На дахі ружовыя,

Цэглу й колер модны,

Ён там,

У  бясконцай плыні спакою хвілін,

Разам з сонцам і зоркамі

Дух свабодны…

03.08.2021

Гравітацыя

 

25.07.2021

 

Гравітацыя

 

Я хачу сказаць штосьці,

Зоркі тыя схапіць, нагнаць…

Вярнуць тое, што страчана,

Усё так проста,

Ажно млосна…

Гэта гравітацыя

Не дае спаць…

01.08.2021

Я - Свабода!

 

20.07.2021

 

Я той, хто заўсёды быў Тут,

Сьведчыць прырода,

У кожным з прамянёў Сонца,

У капках сьлёз і слове пра Бога,

Лятунках прыгожых, шчасьлівых,

І зьзяў бясконца

Ад зьяўленьня да небасхілу,

Ты чуеш? Сусьвет Жыве!

Я – Свабода!

28.07.2021

Час

 

12.07.2021

 

Усё, што ты маеш, згубіш з часам,

Ня чутныя гукі мінулых падзей…

Час забірае ўсё хутка, разам,

Тых, што калісь сустракаў, гасьцей…

Словы, што дзесьці казаў,

Зьнікаюць з часам,

Думкі, калі й змаўчаць прасьцей,

Як не трымаю, зьнікаюць з часам

Лініі вуснаў і колер вачэй… 

27.07.2021

Дзе Я?

 

05.07.2021

 

Штось зьмянілася,

Зьнікла й звар’яцела…

Я гляджу на кругі ў вадзе…

Дзе Я? Хто там

Глядзіць на мяне скрозь твань нясьмела?

Я згубіў сябе там,

Дзе крэйдай абрысована цела…

06.07.2021

Я забыўся

 

04.07.2021

 

Я забыўся на штось дарагое,

Каб аднойчы зьвярнуцца за ім…

Пакідаючы ў сэрцы былое,

Пасяляеш там успамін…

05.07.2021

Там...

 05.07.2021

Там, дзе чорная прорва часу,

Зьнікаюць тысячы розных дарог…

Дзе забытыя кімсьці рэчы й людзі,

Тыя, каго не знайшлі, хто ня змог…

Словы, што не змаглі запісацца,

Кожны з сшыткаў пустых радок…

Мы таксама ўсе там будзем,

Набліжае да краю крок…

10.06.2021

Нам трэба Любіць

 

02.06.2021

 

Нам трэба любіць,

Хай навокал бушуе вецер…

Убачыць, прайсьці й пабыць

Хоць трошку на гэтым сьвеце…

Нам трэба сябе не згубіць

У цемры, няволі й сьмецьці…

Патрэбна жаданьне жыць,

Пакінуць свой сьлед на плянэце…

Мне б да сонца...

 

29.05.2021

 

А мне б да сонца паляцець…

Што сьвет наш асьвятляе срэбрам,

Аддаць усё, што назьбіраў,

Лічыў прыгожым і патрэбным…

А мне б, як зорка, зіхацець,

Быць сярод хмарак чыстым небам,

Кружыцца, марыць і глядзець…

Упасьці зьверху белым сьнегам…

Наш Анёл

 24.05.2021


Прыйдзе час…

Мне пакінуць хвіліну

Маўклівыя вежы дамоў…

Штось зашэпчуць таемна расьліны,

Бы ў самым казачным з сноў…

Прыйдзе час…

Зь незабытным расстаньня,

З усім, што шукаў і знайшоў…

Прыйдзе час…

Мы ўбачымся зноўку дзесьці

Я, Ты, наш Анёл…